Translate

вторник, 19 ноября 2013 г.

Интервью о мамской роли газете "Звезда"

«Рухавікі» для мам, або Паспець усё і нават больш

Паспяховая кар’ера і вандроўкі ў жанчын, якія нарадзілі дзіця, як правіла, адыходзяць на другі план. Як мінімум на першыя тры гады. Але з любога правіла ёсць выключэнні… Нашы гераіні — маладыя мамы — уласным прыкладам разбураюць стэрэатып пра тое, што ў дэкрэтным водпуску можна забыцца пра сябе.
1384838340671_1
«У мяне цэлая армія памочнікаў»
Святлана Зэрэ, як толькі навучылася лічыць, адразу пачала зарабляць грошы. З 5 гадоў працавала ў бабулі, якая была ў той час дырэктарам бабруйскай базы «Бакалея». Дапамагала фасаваць цукар у пакеты. А ў канцы месяца стаяла з рабочымі ў чарзе ў бухгалтэрыю па заробак, бо прымаць грошы ад бабулі асабіста ёй зусім не падабалася. Хацелася сапраўднай зарплаты, як ва ўсіх. У школьныя гады дапамагала выконваць дамашнія заданні «па бартары» (за ліманад, шакаладкі), а ва ўніверсітэце рашала задачы па статыстыцы. Вяла дынамічны лад жыцця. Таму калі ў яе нарадзілася дачка Марыям, яна не змагла кінуць любімую працу.
— Мне вельмі падабаецца мая праца, — кажа Святлана. — І я разумела, што не змагу поўнасцю прысвяціць сябе толькі дому і выхаванню дзіцяці, забыўшыся пра ўсё астатняе. На шчасце, калі нарадзілася дачка, мне было на каго абаперціся. Гэта цэлая армія памочнікаў, якія заўсёды мяне падтрымлівалі. Спачатку мне вельмі дапамагаў муж, потым маці. Затым — дзве няні і памочніца па гаспадарцы. Яны працуюць у мяне да гэтага часу. Я іх люблю, як членаў сваёй сям’і.
1384838343206_2
«Не імкнуся да параметраў 90 — 60 — 90»
Святлана прызналася, што з жахам успамінае першыя тры месяцы пасля родаў.
— Гэта было неверагодна складана, як маральна, так і фізічна, — кажа маладая маці і ўсміхаецца. — Кожную ноч я прачыналася а 4-й гадзіне, каб сцадзіць малако для наступнага працоўнага дня. Раз у тры гадзіны адбывалася начное кармленне. Ратаваў толькі сумесны сон з дзіцем, падчас якога можна было карміць і трошкі драмаць. Я лічу, што сумесны сон кампенсуе час маёй адсутнасці днём.
На пасляродавы перыяд мне дазволілі працаваць у офісе літаральна пару гадзін у дзень, а ўвесь астатні час я выконвала сваю работу дома.
— І як доўга цягнулася грудное кармленне?
— 1,5 года. Гэта было для мяне прыярытэтам. І мой дырэктар цалкам мяне падтрымаў. Мая працаздольнасць была больш якаснай, бо я адчувала павышаную адказнасць за вынік перад калегамі. Паступова я павялічвала час знаходжання ў офісе, а пасля спынення кармлення выйшла на поўны працоўны дзень. Заўважыла, што чым больш у мяне спраў, тым больш і лепш я ўсё паспяваю.
Мая праца звязана са зносінамі з людзьмі, таму мне трэба было нешта рабіць з лішняй вагой пасля родаў. Але я ніколі не імкнуся да параметраў 90 — 60 — 90. Лічу, што ў кожнай жанчыны свая вага, у якой яна адчувае сябе гарманічна. Не скажу, што барацьба з кілаграмамі, якія я лічыла лішнімі, далася мне лёгка. Мы з імі ваявалі дастаткова доўга і ўпарта, але ніколі не ў шкоду якасці малака. Ніякіх жорсткіх дыет. Толькі здаровае харчаванне. У лішняй вагі пасля родаў, а таксама груднога кармлення ёсць адзін велізарны плюс — прыгожыя грудзі. Перавага для ўладальнікаў не самых пышных памераў.
«Няма такога выбару: дзіця ці праца»
— Калі жанчына даведваецца, што цяжарная, то яна ўжо робіць свой выбар, — працягвае Святлана Зэрэ. — А далей яна знаходзіцца толькі перад пытаннем — сядзець у дэкрэтным водпуску ці аптымізаваць сваю працу, каб вынік задаволіў усіх. Я часта чула «мой кіраўнік ніколі не дазволіць», або «мой муж супраць няні», або «ў мяне так не атрымаецца». Упэўнена, што так кажуць толькі тыя, хто не хоча працаваць, але спрабуе апраўдацца перад людзьмі. У такім выпадку не трэба ашукваць сябе. Жанчынамі, якія прысвячаюць сябе толькі дзіцяці, трэба ганарыцца, таму што няма ніводнай працы, якая была б складаней, чым выхоўваць дзіця. А тыя, хто як я выходзяць на працую адразу, спрабуюць гэыя цяжкія абавязкі падзяліць з кім-небудзь яшчэ. Я называю гэта эфектыўнай аптымізацыяй і шчыра прызнаюся ў тым, што не змагла б тры гады прасядзець дома з дзіцем. Нават адзін не змагла б. Магчыма, таму, што я з дзяцінства імкнулася быць першай.
Святлана Зэрэ працуе кіраўніком аддзела продажу і праектаў. LADY.TUT.BY, POVOD.TUT.BY. За яе плячыма больш за 3 дзясяткі пройдзеных трэнінгаў як прафесійнага, так і асобаснага росту. Зараз маладая мама атрымлівае ступень майстра бізнес-адміністравання.
«Дачка ніколі не бачыла мяне без настрою»
Нягледзячы на вялікае жаданне дасягнуць вышынь у кар’еры, Святлана лічыць, што быць маці — самае вялікае шчасце.
— Для мяне стаць маці — галоўнае прызначэнне жанчыны на Зямлі, а ўжо потым самарэалізацыя, праца і іншае. У дзецях наш працяг. Я вельмі марыла пра дзяцей і не буду спыняцца на адной дачцэ. Для мяне ідэал — трое ці больш дзяцей.
Мая бабуля пасля родаў рана выйшла на працу, маці — таксама. Думаю, у нас гэта сямейнае. Сёння я магу прызнацца, што ні разу не пашкадавала аб прынятым рашэнні. Я змагла акружыць дачку сваёй увагай і аддаць ёй усю сваю любоў. Пры гэтым яна практычна ніколі не бачыла мяне стомленай. Я імкнуся быць у добрым настроі з Марыям і думаю, што менавіта таму мая дачушка заўсёды ўсміхаецца.
Я ішла ў дэкрэтны водпуск практычна адначасова з яшчэ трыма дзяўчатамі — калегамі. Ні адна з іх не вярнулася пакуль на працу. Але сярод вялікай колькасці знаёмых мам прыкладна 20% выходзяць на працу пасля года дэкрэтнага водпуску.
Лічу, што кожны робіць свой выбар сам. Але на сваім прыкладзе бачу, што выхад мамы на працу не ўплывае на будучыню дзіцяці, калі ўсё арганізаваць правільна. Галоўнае — любіць сваіх дзяцей і сваім прыкладам паказваць, як трэба іcці па жыцці, каб усе былі шчаслівымі!

Комментариев нет:

Отправить комментарий

Моя удивительная жизнь!