На інтэрв’ю кіраўніца партала LADY.TUT.BY Святлана Зэрэ прыйшла з шакаладам у выглядзе падковы. «А я вам гармон шчасця прынесла. Так люблю, калі людзі ўсміхаюцца». Пасля гэтых слоў паспяховая бізнес-лэдзі папрасіла афіцыянта прынесці капучына з дэсертам і распавяла, як яна вывела формулу свайго шчасця.
Пра бабулю, коржык з дзіркай і «Ламбарджыні»
Зарабляць грошы пачала, як толькі навучылася лічыць. З пяці гадоў працавала ў бабулі, якая ў той час была дырэктаркай бабруйскай базы «Бакалея». Дапамагала фасаваць цукар — памятаеце, раней ён прадаваўся ў карычневых папяровых пакетах па паўкілаграма. А ў канцы месяца стаяла з рабочымі ў чарзе па заробак, бо прымаць грошы ад бабулі мне не падабалася.
Не памятаю, на што патраціла сваю першую зарплату. Але гэта маглі быць два варыянты: я адклала яе (калі ўлічыць мае схільнасці да збірання) ці набыла нешта непатрэбнае (смяецца). У нас побач з домам быў кіёск «Марожанае». Там прадавалі надзвычай смачныя коржыкі з дзіркай пасярэдзіне, пасыпаныя арэшкамі. Як толькі ў мяне з’яўляліся грошы, бегла туды па тыя самыя коржыкі. І гэта было самым сапраўдным шчасцем.
Калі ў жанчыны ёсць грошы, гэта яшчэ не значыць, што яна шчаслівая. Ведаю такіх, якія наведваюць самыя дарагія фітнес-клубы, ядуць выключна памідоры чэры і ездзяць на «Ламбарджыні». Грошы ў іх ёсць, але яны не ведаюць, што з імі рабіць, каб быць шчаслівымі. Набываюць непатрэбныя рэчы, каб падабацца людзям, якія ім не сімпатычныя.
Як вельмі шчаслівая і напоўненая жанчына, я пераканана, што нельга спраецыраваць чужую мадэль шчасця на сябе. Кожны павінен вывесці сваю ўнікальную формулу. А пакуль мы зайздросцім чужому шчасцю, спрабуем падгледзець, як у іх, і зрабіць так у сябе, — губляем самае каштоўнае — час для зносін з сабой.
Калі жыццё, у якім ёсць муж, кватэра, машына і праца «ад званка да званка», здаецца вам сумным, магчыма, гэта не ваша жыццё, а навязанае старэйшым пакаленнем і грамадствам. Можа, ваша жыццё — гэта даследаванні і навуковыя адкрыцці дзе-небудзь у Антарктыдзе? А вы жывяце па інерцыі і ніяк не можаце знайсці час, каб спытаць сябе: «А што асабіста мне прыносіць задавальненне?», «Чаго я хачу насамрэч?» Хопіць глядзець на іншых і займацца плагіятам!
Калі чалавек нешчаслівы, яго ніхто не ашчаслівіць. Больш за тое, няшчасныя людзі — гэта пагроза для грамадства, бо яны ніколі нікога не зробяць шчаслівым.
Пра эстэтычны аргазм, прынца на белым каніі дзядзьку Фёдара
Маленькія дэталі робяць жыццё абсалютна іншым. Проста прыйдзіце дадому і, перад тым як прыняць душ, запаліце свечкі ў выглядзе лілей. Дазвольце сабе адчуць «эстэтычны аргазм» ад таго, што ў вашым ванным пакоі (нават калі ён бабулін са старэнькай сіненькай пліткай) будзе такая прыгажосць. Гэта ўжо маленькі крок да іншага жыцця.
«Чакала прынца на белым кані, а пастукаўся паштальён, які прынёс пенсію». Гэты жарт можа стаць рэальнасцю. З узростам разумееш, што не трэба чакаць прынца, трэба з сябе ляпіць прынцэсу. Развівайце ў сабе жаночы патэнцыял, і, паверце, прынцы самі выстраяцца ў чаргу па вашы руку і сэрца.
Годных мужчын насамрэч вельмі шмат, больш за тое, нежанатых. Калі яны не сустракаюцца, становімся перад люстэркам, глядзім сабе ў вочы і пытаемся: «Чаму?». Раю зрабіць спіс якасцяў мужчыны, якога вы хацелі б бачыць побач з сабой. Затым апісваем жанчыну, на якую ваш «ідэальны» мужчына мог бы звярнуць увагу. І параўноўваем з сабой. А пасля альбо ўдасканальваемся, альбо паніжаем планку. Трэцяга варыянту няма…
Побач са мной павінен быць моцны мужчына. Двое слабых у доме — гэта катастрофа. Праходзіла, ведаю. Мне не падыдзе мужчына, якому нічога ў жыцці не патрэбна, акрамя таго, як сядзець на канапе перад тэлевізарам. І які час ад часу, як тата дзядзькі Фёдара з Прастаквашына, каб паказаць сваю значнасць, устаўляе свае тры грошы.
Пра слёзы, Ксюшу Сабчак і дом ля мора
Плакала штовечар, калі вярталася з працы ў жудасную кватэру, якую з першым мужам наймала ў Чыжоўцы. Я ненавідзела сваю працу, да якой дабіралася амаль дзве гадзіны. Неяк раз убачыла па тэлевізары, як Ксюша Сабчак на яхце катаецца. Падумала, што і я хачу жыць па-іншаму. Чаму ў яе атрымліваецца, а я ляжу і енчу штодзень? Хто вінаваты? Дырэктар? Мой муж? Ніхто не вінаваты. Гэта мой выбар.
Заўсёды ёсць шанц штосьці памяняць у сваім жыцці. Яшчэ 10 гадоў таму мая свядомасць была настолькі вузкай, што я нават не ўяўляла, што можна марыць пра адпачынак два разы на год. Была захоплена тым, што збірала грошы, каб з’ездзіць на 2 тыдні ў Крым. Пры гэтым адмаўляла сабе ва ўсім. Пакуль аднойчы знаёмая, якая вярнулася з Турцыі, не прагаварылася, што яна два разы на год адпачывае разам з мужам у пяцізоркавых атэлях. Я зразумела, што першы крок — змяніць месца працы і пачаць займацца тым, што прыносіць задавальненне і добры даход.
Калі ты дазваляеш сабе думаць шырэй, немагчымае становіцца магчымым. Спачатку я адпачывала за мяжой двойчы на год. А цяпер, то канферэнцыя, то камандзіроўка, то вучоба, то адпачынак. Я магу сабе дазволіць паляцець у Еўропу проста на выхадныя.
Вельмі люблю адкрываць для сябе новыя краіны. Як правіла, падарожнічаю на самалётах. Але сёлета я вырашыла паспрабаваць новы від адпачынку. Хачу схадзіць у паход па Карэліі ці Крыме, а таксама сплавіцца на байдарках па якой-небудзь беларускай рацэ. Сваё 30-годдзе планую адзначыць таксама нетрадыцыйна, у новым для мяне месцы. Прыйшоў час разбавіць палёты прыземленымі рэчамі. Бо ад падарожжаў на самалётах я стамляюся. Заўсёды бягом, каб паспець паглядзець усё, што толькі магчыма. Часам трэба спыняцца, каб прыслухацца да сябе.
У мяне ёсць магчымасць з’ехаць з Беларусі. І многія знаёмыя не разумеюць, чаму я гэтага дагэтуль не зрабіла. Усё вельмі проста: мне тут падабаецца, менавіта на радзіме я адчуваю падтрымку свайго роду. Той, хто хоць раз вяртаўся ў дом бабулі ці прабабулі, мяне зразумее. У родных сценах такое адчуванне, што ты наноў нараджаешся. Я хачу падарожнічаць, мару пра дамок ля мора, але жыць я хачу тут.
Пра серыялы, парныя роды і веру
Бабуля казала, што я ніколі не выйду замуж, бо жонка павінна «гатаваць, прыбіраць і г.д.». Я ж з малых гадоў была ўпэўнена, што ў мяне, як у мексіканскіх серыялах, будзе штат хатняга персаналу. І ён сапраўды ў мяне ёсць! Без дапамогі гэтых людзей я, хутчэй за ўсё, справілася б, але справы ішлі б не так ідэальна, як цяпер.
Маёй дачцэ 2,5 года, але я не ведаю, што такое дэкрэтны водпуск. Спачатку наняла адну няньку, пасля — таму што ў першай не атрымлівалася даглядаць Марыям штодзень, — другую. Абедзве нянькі мяне цалкам задавальняюць. З адной з іх мы нават ездзілі адпачываць на мора. Цяпер разумею, што адпачынак з маленькім дзіцем без нянькі наўрад ці можа быць паўнавартасным.
Ноччу я сплю разам з Марыям. Для мяне гэта аднаўленне энергетычнага разрыву з ёй, які адбываецца ўдзень, калі я на працы. Кожную вольную хвіліну пасля працы імкнуся праводзіць з дачкой. А ў нядзелю ў нашай сям’і па традыцыі — Дзень дзіцяці. Мы наведваем цырк, дэльфінарый, нядаўна ездзілі ў аквапарк у Маладзечна.
Ёсць жанчыны, якія лічаць, што роды — гэта інтымны працэс, і муж не павінен там прысутнічаць. Мы ж нараджалі разам з мужам. Асабіста для мяне парныя роды — гэта адзіны прымальны варыянт, бо я вельмі баюся болю. Ніводная акушэрка, ніводзін урач не дадуць той падтрымкі, якую дае блізкі чалавек. Гэта можа быць нават блізкая сяброўка. Але калі я гляджу на некаторых мужчын, то разумею, што парныя роды не для ўсіх, толькі для моцных.
Нават калі я апускала рукі, мама працягвала верыць у мяне. Так, з-за каласальнай нагрузкі я некалькі разоў хацела кінуць музычную школу. Але мама знайшла патрэбныя словы, пераканала мяне ў тым, што я спраўлюся. І што вы думаеце? Акрамя фартэпіяна, я засвоіла гітару, домру і цымбалы. Галоўнае, што мы можам даць дзецям, акрамя таго, што сваім асабістым прыкладам паказаць, як трэба жыць, — веру ў іх.
Пра старых сяброў, YouTube і ювелірныя вырабы
Мы любім бацькоў проста таму, што яны нашы бацькі. У сяброўстве таксама не трэба шукаць выгаду і інтарэс, трэба любіць сваіх сяброў проста за тое, што яны ёсць.
У мяне ёсць чатыры сяброўкі дзяцінства. Мы ўсе жывём у розных гарадах. Адна — у Парыжы, другая — у Бабруйску, трэцяя — у Маскве, а я — у Мінску. Збіраемся вельмі рэдка. Але нашы сустрэчы для мяне заўсёды свята. У нас усё, як у фільме «Секс у вялікім горадзе». Прычым так атрымалася, што ў нас дзве Саманты (усміхаецца). Калі даведваюся, што ў чалавека няма старых сяброў, а толькі новыя, мяне гэта насцярожвае.
Для мяне вучоба мае вялікае значэнне. Бо як толькі мы сабе кажам «стоп» і кожны дзень становіцца падобным да іншых, мы спыняемся ў сваім развіцці. Дапусцім, вы скажаце, «вядома, Святлана Зэрэ ходзіць на дарагія трэнінгі, а я сяджу ў дэкрэце з дзіцем і ў мяне няма грошай». Але справа не ў грошах. Сёння можна і ў інтэрнэце паслухаць парады розных трэнераў. Працэс саманавучання нават дома з дапамогай YouTube можа стаць значна больш эфектыўным, чым другая і трэцяя вышэйшыя адукацыі. А колькі добрых кніг даступна ў наш час! Веды ляжаць на паверхні — галоўнае, каб было жаданне.
На працу я прыходжу ў ахоўнай абалонцы, як яйка. У мяне ёсць шкарлупіна. Разбіць яе дастаткова складана, але таксама можна. А дома я дастаткова ранімая: мяне лёгка разжаліць, прабіць на слёзы. Цвёрдасць і сіла — гэта розныя рэчы. Так, я магу быць вельмі цвёрдай на працы. Але гэта не пра сілу.
У мяне быў свой бізнес — крамы ювелірных вырабаў і аксесуараў у Мінску і Гомелі, але я яго прадала. Я для сябе зразумела, што ўсё ж такі бізнесам павінен займацца мужчына, а не жанчына. Мы два гады праводзім праект «Лэдзі бос». І я бачу, што ўсё ж такі больш шчаслівыя жанчыны, у якіх бізнес больш сціплы. Калі жанчына цалкам у працы, у яе, як правіла, вялікія праблемы ў плане стасункаў з мужчынамі.
Пра рабства, бедную жонку і парады
Не разумею, калі ў адносінах нехта некага пачынае абмяжоўваць. «Гэта нельга, туды не хадзі». Збіраемся з сяброўкамі пайсці ў кавярню, і тут пачынаецца: «А мяне муж не пусціць». Чаму? Чаму чалавек, які з вамі жыве, не паважае вашы жаданні? У нас, здаецца, рабства даўно ўжо няма. А можа, прычына ў тым, хто абмяжоўвае? Давайце тады адкрыта гаварыць пра свае страхі.
Усе людзі розныя. Для некага, магчыма, штовечар тусавацца з сябрамі — гэта норма. Ён не можа жыць па-іншаму. Тады побач павінен быць чалавек, які гэта прымае і для якога гэта таксама будзе нормай. Калі нормы розныя, пачынаюцца канфлікты. Калі пачынаюцца канфлікты — пачынаюцца хваробы. А мы хочам быць здаровымі, шчаслівымі і жыць шмат гадоў.
На маіх вачах мужчына сыходзіць ад жонкі да іншай жанчыны. У такім выпадку ў нашым грамадстве, як правіла, спачуваюць жонцы: маўляў, казёл, кінуў бедную жанчыну з малымі дзецьмі на руках… Так і хочацца дадаць: кінуў бедную жанчыну, якая «запілавала» яго да такой ступені, што ў яго проста не заставалася іншага выйсця. Можна, вядома, заклікаць да сумлення, пачуцця адказнасці і пасля чакаць, што ён памрэ ад інфаркту ці яшчэ якой хваробы, якая ўзнікла на нервовай глебе… Але каму ад гэтага будзе лепш? Дзецям? Не думаю. Я пераканана: калі ўсё добра, ніхто нікуды не сыходзіць. У той сітуацыі, сведкай якой я стала, ёсць ад чаго бегчы.
Жанчыне варта задумацца: «Чаму ад мяне, такой цудоўнай, пайшоў муж? Можа, я не такая цудоўная? Можа, я штосьці рабіла не так?» Я дапускаю, што жонка можа перарасці мужа. Але тады, паверце, яна не стане пакутаваць ад таго, што ён пайшоў.
Я не бачыла ніводнага псіхолага са шчаслівым сямейным жыццём. Але яны ўсім даюць парады, быццам бы ведаюць, як жыць правільна. Гэта як трэнер па продажах, які ніколі сам нічога не прадаваў. Я нікому не раіла б слухаць парады людзей, якія жывуць не так, як хацелі б жыць вы.
Надзея ДРЫЛА. Фота Надзеі БУЖАН.
Дзякуем Cafe Netto за садзейнічанне ў правядзенні інтэрв’ю.
Комментариев нет:
Отправить комментарий