У мінулым — кіраўніца партала lady.tut.by, сёння — стваральніца Вышэйшай жаночай школы і клуба «Лэдзі Бос» Святлана Зэрэ, як яна сама пра сябе піша, вучыць жанчын быць паспяховымі, як у прафесійным, так і ў сямейным плане.
Святлана Зэрэ. Фота Таццяны Ціхаміравай.
Сярод адгалінаванняў яе дзейнасці ёсць трэнінг «Жаночы калектыў», у межах якога яна працуе з нездаровым мікракліматам у асяроддзі калег-дзяўчат, а таксама са стэрэатыпамі, звязанымі з успрыманнем каманды з жанчын як рассадніка плётак і істэрык.
Мы распыталі Святлану, адкуль, на яе погляд, з'явіліся такія стэрэатыпы. Ці адрозніваюцца мужчынскія калектывы ад жаночых на самой справе, і хто адказны за тое, калі калегі з сяброў ператвараюцца ў ворагаў.
«Ніна»: Апісваючы трэнінг «Жаночы калектыў», вы кажаце, што асацыяцыі з тым, што гэта — выключна «плёткі і эмацыйнасць» стэрэатыпныя? Як думаеце, адкуль яны ўзяліся?
Святлана Зэрэ: Як піша Вішэн Лак’яні ў сваёй кнізе «Код эстраардынарнасці», аднойчы людзі прыдумалі правілы, якія ім дапамагалі жыць і забяспечвалі сістэме ўстойлівасць, але час гэтых правілаў прайшоў, яны ператварыліся ў дуравілы, якія перашкаджаюць нам жыць. Паверце, абсалютна няважна ведаць, адкуль узяўся гэты стэрэатып. Куды важней разумець, як з ім працаваць і як трансфармаваць у тое, што будзе нас надалей падтрымліваць. Таму што «так будзе нам па веры нашай».
Хто верыць, што жаночы калектыў — тэрарыум, той яго абавязкова атрымае. Я ніколі не верыла ў гэтую лухту і, кіруючы жаночымі калектывамі, яшчэ ні разу не памылілася. Абажаю працаваць з жанчынамі! Але гэта не выключае таго, што ў кожнай бочцы ёсць лыжка дзёгцю.
«Ніна»: Чаму нават самі жанчыны нярэдка кажуць, што «не хацелі б працаваць у жаночым калектыве»?
СЗ: Вось менавіта па гэтай прычыне! Ведаеце, гэта, як у анекдоце:
Адзін чалавек вельмі любіў смажаныя сасіскі. Ажаніўшыся, ён папрасіў жонку часцей іх гатаваць. Неўзабаве ён заўважыў, што перад тым, як смажыць сасіскі, яна адразае ў іх кончыкі. Здзівіўшыся, ён запытаўся ў яе:
— Дарагая, а навошта ты адразаеш кончыкі у сасісак? Чаму не смажыш іх цалкам?
— Я не ведаю, — адказала маладая жонка. — Мая мама заўсёды так рабіла, таму і я так раблю.
Зацікаўленыя, яны адправіліся да яе мамы.
— Скажы, мама, — спытала дачка. — Чаму ты заўсёды адразаеш кончыкі ў сасісак перад тым, як іх падсмажыць?
— Я не ведаю, — адказала мама. — Так рабіла мая мама, я вучылася гатаваць у яе і раблю так, як яна. У нас такая традыцыя.
І яны ўтрох накіраваліся да бабулі. Бабуля сядзела на крэсле-каталцы, укутаная ў плед, і спала. Прыйшлося разбудзіць.
— Бабуля, чаму ты заўсёды адразала кончыкі у сасісак?
— Не ведаю, — адказала бабуля. — Мая мама заўсёды так рабіла. Пакуль не позна, трэба даведацца ў яе.
Прабабуля ляжала і рыхтавалася адысці ў іншы свет.
— Скажы, чаму мы адразаем кончыкі ў сасісак перад тым, як іх смажыць?
Прабабуля страпянулася і агледзела сваякоў, што яе акружылі.
— А вы што, да гэтага часу гатуеце на той маленькай патэльні???
Усялякія дуравілы перадаюцца нам з пакалення ў пакаленне. І мы імі карыстаемся, бо аснова нашай асобы — гэта перакананні і каштоўнасці, якія дапамагаюць сфармаваць рамку рэальнасці, у якой мы жывём, у якой разумеем, што «добра», а што «дрэнна» менавіта ў гэтай культурнай прасторы. Гісторыя пра жаночы калектыў з гэтай серыі.
«Ніна»: Ці можна ўвогуле падзяляць калектывы на «мужчынскія» і «жаночыя»?
СЗ: У мужчынскім працуюць мужчыны, у жаночым — жанчыны. У мужчынскім больш логікі, у жаночым — чуллівасці і творчасці, на мой погляд. Але! Як правіла, мы бачым змешаныя калектывы. І я ўпэўненая: яны больш эфектыўныя, чым монагендарныя.
Фота Таццяны Ціхаміравай.
«Ніна»: Калі ў калектыве ўсё ж узнікае нездаровая атмасфера, хто ў гэтым вінаваты? Начальнік? Няправільная стратэгія эйчараў?
СЗ: Рыба гніе з галавы. Бо таго ж кадравіка наймае начальнік. Падобнае прыцягвае падобнае.
Здараецца, што ў адным велізарным калектыве шмат аддзелаў. У 90% з іх усё супер, а ў якім-небудзь адным — вельмі дрэнна. Я з такім сутыкалася. Дык там нават эйчар баіцца што-небудзь рабіць, таму што кіраўнік аддзела — суперпрафесіянал, але як лідар калектыву — вельмі спрэчная асоба.
На гэту тэму некалькі год таму на «Forum One» у Вільні быў разгорнуты выступ. Прыводзіліся вынікі амерыканскіх даследаванняў, у якіх чорным па белым было напісана, што надзвычайнага прафесіянала, які стварае неспрыяльную абстаноўку для астатняга калектыву, трэба прыбіраць. І лепш узяць на тую ж пасаду больш сціплага чалавека, але з ярка выяўленым сацыяльным інтэлектам. Урэшцэ карысці будзе больш.
Але ў нас баяцца губляць супрацоўнікаў, мяркуючы, што некаторыя з іх — незаменныя. Няма незаменных! Хто б якога высокага меркавання не быў пра сябе. І лепш пазбавіцца ад падобнай ілюзіі раней.
«Ніна»: З якімі праблемамі вы працавалі ў сваёй практыцы выратавальніцы жаночых калектываў? Раскажыце пра самыя складаныя выпадкі.
СЗ: Я не працую выратавальніцай. Таму што гэта непазбежна ўводзіць цябе ў трохкутнік Карпмана, дзе ёсць ахвяры і злачынец. З тымі, хто знаходзіцца ў пазіцыі ахвяры, навучанне практычна бескарысна. Калі ў чалавека ва ўсім вінаватыя ўсе навакол, яму ніхто не дапаможа. Таму што ў яго няма разумення, што ён можа нешта змяніць, ён прывык жыць у ролі ахвяры. Яго там шкадуюць, яму так утульна і звыкла. Барані бог, на шляху з'явіцца той, хто вырашыць выратаваць з гэтага раю. На дзіва, так жыве вельмі шмат людзей на зямлі. Таму ў жаночыя калектывы я прыходжу з праграмай для тых, хто ўсвядоміў, што ад іх шмат залежыць.
«Ніна»: Няўжо чалавек звонку сапраўды можа дапамагчы разабрацца з праблемамі калектыву? Місія гучыць нерэальна.
СЗ: Толькі для тых, у каго ёсць убудаваныя правілы, якія закрываюць кут агляду.На самой справе, задача — не разабрацца з праблемамі калектыву. Задача ў тым, каб кожны яго член здабыў цэласнасць, стаў паўнавартаснай адзінкай каманды. А то мы ўсе з вамі ходзім траўміраваныя (нехта ў дзяцінстве, хтосьці пазней), у пазіцыях ахвяры і лічым, што ўсе вакол дрэнныя, зямля — жудаснае месца, дзе ад мяне нічога не залежыць.
Вы не ўяўляеце, якое задавальненне я атрымліваю ад паведамленняў дзяўчатак, якія прайшлі мае доўгія праграмы. Яны выходзяць замуж, зацяжарваюць, хоць да гэтага не атрымлівалася, мяняюць жыццё і самарэалізацыю, выбудоўваюць адносіны з блізкімі.
Асабліва кранула мяне гісторыя дзяўчыны, якая ў свае 43 гады ні разу не была на моры! Яна лічыла, што не заслугоўвае гэтага. І калі яна даслала мне паведамленні з марскога берага, са слязамі на вачах і адчуваннем радасці, я плакала разам з ёй.
«Ніна»: Як вы ставіцеся да сітуацый, калі працадаўцы абіраюць супрацоўнікаў, у залежнасці ад іх полу?
СЗ: Скажу шчыра, мне здаецца, тут больш надуманага, чым рэальнага. Або гэта спроба некаторых жанчын, у якіх праблемы з прафесійнымі навыкамі, спіхнуць недастатковыя скілы на гендарную няроўнасць.
З 19 гадоў я працую, пастаянна вучуся і адчуваю сябе на галаву вышэй за сваіх калег. Мае інвестыцыі ў адукацыю бясконцыя. І вядома, у мяне ніколі не стаяла пытанне, што мне могуць адмовіць у працы толькі таму, што я жанчына. У 24 гады я прыйшла на партал TUT.BY і сказала «я пабудую вам аддзел продажаў і заадно яшчэ кантэнт-праект». Наўрад ці маім працадаўцам была справа да таго, што я жанчына. Ім было важна, што я ўмею і як я буду выконваць абяцанае.
Ну, а калі хтосьці сапраўды сутыкаецца з гендарнай няроўнасцю пры ўладкаванні на працу. Радуйцеся! Вы ўбачылі, што ваш начальнік — ідыёт яшчэ да таго, як сталі з ім працаваць.
Гутарыла Кацярына Карпіцкая
Комментариев нет:
Отправить комментарий